БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 45,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёна — г. Буда-Кашалёва; г.п. Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс. га, з іх асушана 27,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)